Сустрэча вясны
Т. Кухаронак
Першыя вясновыя дні. Яшчэ можа быць і холадна, і снежна, але душы і сэрцу ўжо неспакойна і радасна. Вясна — гэта наступленне цёплых, сонечных дзён, абуджэнне прыроды, прылёт птушак, гэта і цяжкая праца на ніве, каб забяспечыць будучы багаты ўраджай.
Калісьці ў першы веснавы дзень у Беларусі пачыналі гукаць вясну. Задавала тон у абрадах гукання вясны шумная, вясёлая моладзь, асабліва дзяўчаты. Яны збіраліся на самых узвышаных месцах у вёсцы, спявалі да позняй ночы веснавыя песні. Часам спявалі па чарзе: у адным месцы пачнуць і спыняцца, а ў другім працягваюць. Дзяўчаты для выканання вяснянак выходзілі на бераг ракі або возера, у поле або ўзбіраліся на дах. Кожны дзень гучаў гімн вясне, сонцу, маладосці, каханню. У сваіх песнях дзяўчаты не толькі віталі надыход цёплых дзён, абуджэнне прыроды, але і як бы расказвалі ўсім пра сваю гатоўнасць да кахання, да шлюбу.
Сталыя жанчыны па-свойму сустракалі вясну. Яны выпякалі з цеста фігуркі птушак, мяркуючы, што такім чынам паспрыяюць іх хутчэйшаму прылёту. Дзяўчаты бралі гэтых птушак з цеста і, выконваючы вяснянкі, падкідвалі ўгору са словамі: «Жавароначкі, прыляціце, вяснукраснуюпрынясіце!» Хлопцы, як больш практычныя, раскладвалі вогнішча, на якім спальвалі розныя старыя рэчы, што за доўгую зіму знасіліся, сапсаваліся, паламаліся. Да дзяўчат яны далучаліся толькі вечарам, калі пачыналі разам вадзіць карагоды. Хлопцы таксама ладзілі арэлі, на якіх моладзь гушкалася кожны веснавы дзень.
Дзяўчаты пры гэтым спявалі вяснянкі. Кожная пара, якая сядала на арэлі, імкнулася як мага больш разгайдадь іх, узляцець вышэй за іншых, каб паказаць сваю сілу, уменне. Моладзь спаборнічала паміж сабой. Акрамя таго, існавала ў народзе прыкмета, што чым вышэй будуць узлятаць арэлі, тым даўжэйшымі вырастуць лён і іншыя расліны. Лічылі таксама, што хлопцы і дзяўчаты павінны пагойдацца на арэлях хоць адзін раз, каб быць здаровымі і моцнымі ўвесь год.
Хлопцы і дзяўчаты абыходзілі ў першы дзень вясны ўсе хаты, жадалі добрага ўраджаю на полі, на сенажаці, здароўя ўсім жыхарам. Яны ішлі па вёсцы ланцужком, узяўшыся за рукі, каля кожнага двара спыняліся, танцавалі, кружыліся. Гаспадары былі рады, віталі карагод, бо, як меркавалася, карагод моладзі валодаў магічнай сілай. Не менш за моладзь радаваліся прыходу вясны дзеці. Яны ўтваралі свой гурт, галоўнымі дзейнымі асобамі ў якім былі запявала і механоша, хадзілі па вёсцы, не мінаючы ніводнай хаты. Падбегшы да акна, дзеці стукам выклікалі гаспадароў. Пасля таго як хто-небудзь выглядаў з акна, найболыд бойкі і гаваркі пачынаў прыкладна такі дыялог:
—Ці трэба вам вясна-красна? Дарослыя адказвалі:
—Трэба, трэба!
Пасля гэтага дзеці спявалі вяснянку з пажаданнямі сям’і дабрабыту і шчодрага ўраджаю. Гаспадары давалі малым спевакам хлеб, яйкі, сушаныя чарніцы, яблыкі. Абышоўшы ўсе двары ў вёсцы, напоўніўшы мех дарамі, дзеці збіраліся ў якой-небудзь хаце, ладзілі частаванне, спявалі, расказвалі смешныя гісторыі.
Існавала павер’е, што надвор’е першага дня вызначае характар усёй вясны. Зразумела, што сонечны, цёплы, бязветраны першы вясновы дзень вельмі радаваў беларускага селяніна.