У пушчы
У. Караткевіч
I прыходзіць лета. Усё мацней птушыная песня, а ў каго яе няма, то крык… Лунаюць над паплавамі і балотамі ястрабы, чырвоныя каршукі і беркуты. Лётаюць вясёлкавыя фазаны, скачуць на балотах у малочным тумане і ў ранішнім сонцы жоравы. I зязюля лічыць бясконцыя гады ўсім, хто прыйшоў сюды з дабром. На зары плешчуцца на паверхні вады шчупакі. А над імі белы дыван лілей-гарлачыкаў, вышэй — пахучы аёр1, якім усцілаюць падлогу на Сёмуху, а над ім лугавіны з кветкавым разнатраўем, і кусты ядлоўцу, і сонечны падлесак, а яшчэ вышэй — павуцінныя ельнікі, бары, падобныя да гатычных храмаў, і высакародныя лясы пяцісотгадовых дубоў і грабаў.
Сяджу ў квартале старых грабаў, калоны ствалоў аж пад неба. Няма ў беларускіх лясоў аднатоннай суровасці паўночнага бору ці тайгі. Куды ні кінеш позірк — перад табою зусім іншы пейзаж, які кожны раз выклікае захапленне.
Упаў першы жоўты лісток, папярэдзіў, што няхай зараз сярэдзіна лета, але ж бывае і восень, калі пушча будзе палаць рыжым, чырвоным, пурпурным, залатым агнём, калі ліпкія ягады стануць падобныя да празрыстых жамчужын, калі паветра над пушчай стане стагнаць ад клічу жораваў, лебедзяў і дзікіх гусей.
Падымаю вочы. Алень. Усё ж я яго падпільнаваў. Наваліўся грудзьмі на ствол тонкага і высокага дрэва, ідзе і гне яго, прапускаючы між нагамі. Дабраўся да лістоты і закусвае, водзіць цёплымі і мяккімі губамі. Даеў, выпусціў дрэва і пайшоў прагалінай, нібы паплыў у паветры. Сотні год парахавыя маланкі прыпынялі ў зеніце яго апошні скачок. Але вышэйшай мужнасцю жывога ён упарта цягнуў праз вякі сваё жыццё і сваю прыгажосць. I толькі гэтай прыгажосцю і гэтай ласкавай упартасцю уратаваў ён на зямлі свой рахманы, свой трывалы, свой вечны род.
Будзем спадзявацца, што, калі мы будзем сапраўднымі людзьмі, ён з нашай дапамогай уратуе яго на векі вякоў.
Даруй нам, алень! Мы ўсё ж пастараемся зберагчы цябе. Мы зберажом і зуброў, і чалавечнасць, і старыя вежы, і ўсплёскі бабра, і дзіва сонечных палян, і вуркатанне дзікага голуба, і святую гучную цішыню пушчы. Тады будзе мір усім, усяму жывому. Не будзе каменя за пазухай і прыхаваных стрэльбаў. Настане такі час. I вось тады ўся зямля, паўсюль, дзе ёсць нечапаныя стэпы, горы, першабытныя лясы, уся зямля стане падобная да цябе, пушча, бо паўсюль будуць берагчы зямлю, як берагуць яе зараз тут. I прырода адплоціць дабром: неўміручымі дубамі, рыбнымі рэкамі, якія так ласкава мыюць пыльныя ногі, сонцам і крыштальным небам, якое не захмарваюць дым і пыл. I не будуць хавацца ад чалавека бабёр і алень.
А пакуль добра, што вы хоць на хвіліну зайшлі ў пушчу, у гэтыя сонечныя нетры, у гэты самы лепшы куток старажытнай нашай краіны.
Трэба, каб вы хоць бы на хвіліну засталіся сам-насам з аленямі і зубрамі, з аксамітнымі грабамі і вузлаватымі дубамі, з сумленнем, з чалавечнасцю, з усёй гэтай добрай і адвечнай беларускай зямлёй.