Беларускія тэксты

Францыск Скарына

З гісторыя беларускай літаратуры

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Нельга ўявіць беларускую літаратуру эпохі Адраджэння без творчай спадчыны Францыска Скарыны, які быў яркай індывідуальнасцю, чалавекам з энцыклапедычнай адукацыяй і гуманістычнымі імкненнямі.

Скарына нарадзіўся ў сям’і полацкага купца, што вёў гандаль у многіх гарадах. Дата нараджэння яго дакладна невядома. Вучоныя мяркуюць, што гэта прыкладна 1490 год. Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся пісаць і чытаць. Атмасфера бацькоўскага дому будзіла ў хлапчуку цягу да пазнання свету і навук, якія гэты шырокі свет тлумачылі, паказвалі чалавеку, як у свеце арыентавацца, каб не трапляць у прыкрыя канфлікты і не натыкацца на небяспечныя перашкоды. Праз сям’ю набыў Скарына любоў і павагу да роднага Полацка, навучыўся ганарыцца сваім народам.

Каб заняцца навукай, Скарыну спатрэбілася вывучыць латынь — тагачасную мову навукі. Нейкі час ён вучыўся ў Вільні, каб падрыхтавацца да паступлення ў вышэйшую школу.

У 1504 годзе дапытлівы і здатны палачанін у ліку васьмі юнакоў з полацкага біскупства1 трапляе ў сцены Кракаўскага ўніверсітэта, дзе штудзіруе філасофію і праз два гады атрымлівае першую вучоную ступень бакалаўра. Але на гэтым не канчаюцца яго пошукі ведаў. У любым з еўрапейскіх універсітэтаў ён павінен быў атрымаць ступень магістра свабодных навук, што давала права паступаць на больш «высокія» факультэты, якімі тады лічыліся медыцынскі і тэалагічны.

У 1512 годзе ён ужо абараняе дыплом доктара медыцыны ў італьянскім горадзе Падуі, які славіўся на ўсю Еўропу медыцынскім факультэтам. Падуанскія медыкі мелі добрую батанічную базу: студэнты самі вырошчвалі там лекавыя травы, гатавалі мікстуры. На пасяджэнні медыцынскай калегіі ў касцёле Святога Урбана было вырашана дапусціць Францыска Скарыну да экзамену на атрыманне вучонай ступені доктара лекарскіх навук. Два дні адказваў Скарына на пытанні ганаровых вучоных калегіі, абараняў свае веды і погляды. Ён аднагалосна быў прызнаны годным вучонага тытула, які ў некаторых еўрапейскіх краінах прыраўноўваўся тады да шляхецкага звання. Можа, менавіта тады і зарадзілася ў Скарыны дзёрзкая мара перакласці на родную мову і выдаць усе кнігі Бібліі.

Заручыўшыся падтрымкай і матэрыяльнымі сродкамі спонсараў, Скарына едзе ў чэшскую Прагу, дзе пачынае перакладаць і з 1517 года друкаваць кнігі Бібліі. Гэта знамянальная падзея была пачаткам беларускага кнігадрукавання. Скарына выдаў дваццаць тры кнігі Бібліі. Ён пераклаў гэтыя творы на тагачасную беларускую пісьмовую мову. Скарына праявіў ініцыятыўнасць і разборлівасць, знаходзячы ў чужым горадзе таленавітых мастакоў і гравёраў, рупных наборшчыкаў і друкароў, дастаў належнае абсталяванне, матэрыялы і дабіўся, каб яго кніга стала адным з узорных выданняў свайго часу.

Жыццёвы шлях Скарыны ў многім паказальны для людзей эпохі Адраджэння. Любоў да ведаў, шырыня адукацыі спалучыліся ў яго з высокай грамадзянскай культурай, дзелавітасцю і смеласцю, уменнем ставіць наватарскія задачы і разумна вырашаць іх. Энцыклапедычна адукаваны вучоны, Скарына быў і арыгінальным мысліцелем, і даравітым пісьменнікам, плённым публіцыстам і перакладчыкам, вынаходлівым і дзелавым чалавекам. Багацце асобы Скарыны ставіць яго побач з найвыдатнейшымі людзьмі эпохі Адраджэння, а беларускую культуру, на ніве якой ён працаваў, у адзін рад з культурай еўрапейскай.