Беларускія тэксты

Хата пры дарозе

В. Хомчанка

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Старадаўні шлях пралягае праз вёскі і гарады, лясы і балоты, абмінае азёры і перасякае іншыя шляхі-дарогі. У адным месцы ён пераскоквае па бетонным мосціку рачулку.

Недалёка ад гэтага мосціка стаіць прасторная хата. Будавалася яна на вялікую сям’ю, але жыве там адзінокая жанчына. На сценах хаты развешаны ручнікі і сурвэткі, якія яна вышывала вечарамі, калі побач сядзеў муж, а ў ложку спалі дзеці.

Сюды прыехала яна са сваім маладым мужам з Магілёўшчыны.

Паставілі хату, уваходзіны зрабілі ў чэрвені сорак першага года. Усё для іх скончылася праз тыдзень пасля ўваходзін.

Дваццаць два разы з таго часу зацвіталі бярозы, столькі ж разоў прылятаў з выраю бусел у гняздо на бярозе, а жанчына ўсё жыве ў той хаце адна.

Аднойчы ў пачатку лета па шляху імчаўся чырвоны турысцкі аўтобус, у якім сядзелі студэнты з Германіі. Дзень быў сонечны. Калыхалася вакол бледна-зялёнае жыта, у бярэзніку пахла суніцамі і першымі грыбамі, на дарозе ляжаў таполевы пух.

Аўтобус збочыў пад бярозу і спыніўся. Са смехам і гоманам выскачылі турысты. Дзяўчына ў шортах ухапілася за бярозавую галінку, і два хлопцы пачалі яе раскалыхваць. Пстрыкнулі фотаапараты, з транзістараў палілася музыка, пачалі танцаваць.

Сівы шафёр не танцаваў, не спяваў. Ён быў нечым усхваляваны, скулы яго хадзілі, сіні шрам на шчацэ ўздрыгваў. Шафёр абышоў хату, пастаяў каля яе вокнаў. Ён намерваўся пастукаць у акно, ды рука нерашуча апускалася.

На гул аўтобуса, які спыніўся каля хаты, гаспадыня не звярнула ўвагі: машыны тут гудуць бесперастанку. Яе працяла трывога, калі прыслухалася, разабрала словы: «Шнэль, шнэль!» Нібы баронячыся, працягнула ўперад рукі. Далёкае, але незабыўнае напомнілі ёй тыя словы.

Атурысты па-ранейшаму танцавалі, спявалі, гушкаліся пачарзе на галіне бярозы. Цыбаты хлопец іграў на губным гармоніку.

Гаспадыня хаты выйшла на двор, стала каля парога, абвяла ўсіх позіркам. Шафёр нешта хацеў сказаць, але толькі варухнуў вуснамі. Шрам на шчацэ яшчэ больш задрыжаў. Ён пазнаў гэту жанчыну.

Дзяўчына ў шортах, па складах вымаўляючы па-руску, папрасіла папіць. Жанчына запрасіла турыстаў у хату. Туды патокам хльшулі гукі мўзыкі, якія ліліся з транзістараў. «Шнэль, шнэль!» — каторы раз паўтараў голас замежнага спевака. Госці расселіся на доўгай лаўцы і ўслончыках, чакалі, калі іх будуць частаваць вадой.

Гаспадыня спытала:

Вам вады, малака ці бярозавіку?

Даведаўшыся, што такое бярозавік, усе пажадалі толькі яго.

Кісла-салодкі, з калючым халадком, ён вельмі спадабаўся гасцям. Усе дзякавалі гаспадыні, здымалі, каб на зваротным шляху падарыць ёй фотакарткі. Пілі потым і малако, елі чайнымі лыжачкамі сунічнае варэнне з трохлітровага слоіка, які жанчына шчодра паставіла на стол. Дзяўчыну ў шортах зацікавілі ўзоры на ручніках, абрусах, сурвэтках.

Яна сфатаграфавала іх, а таксама вялікую сялянскую печ, якую ўбачыла ўпершыню. Гаспадыня, склаўшы на грудзях рукі, сядзела на ўслончыку, і ціхая, спакойная ўсмешка асвятляла яе твар.

Потым шафёр сказаў, што пара ехаць, і ўсе, раскланьваючыся, пачалі выходзіць. Шафёр паспешліва развітаўся і выбег з хаты.

Турысты ўжо сядзелі ў аўтобусе.

Шафёр успамінаў… Быў такі ж самы чэрвеньскі дзень, насычаны сунічным водарам і сасновым пылам, кацілася хвалямі такое ж жыта. I стаяў пад бярозамі каля гэтай жа хаты жоўтазялёны аўтобус. Адтуль вылезлі салдаты з губнымі гармонікамі і фотаапаратамі. 3 музыкай заваліліся яны ў хату, нешта гаварылі і прытанцоўвалі пад гармонік.

«Шнэль, шнэль!» — сказаў адзін салдат, выплюнуў на стол гармонік і даў у покуць па мужу гаспадыні і яе дваіх дзецях сухую аўтаматную чаргу.

Шафёр і сёння прыкмеціў у куце хаты дзірачкі. Іх так і не замазалі, нават бярвенне не пабялілі. Шафёр думаў, што на першым жа прыпынку раскажа пра ўсё гэта сваім пасажырам.