Хлеб для партызанаў
М. Пазнякоў
Раніца выдалася ясная, не вельмі марозная. 3 комінаў вясковых хат дым віўся ў неба роўнымі слупамі. «Значыць, ветру няма. Гэта добра, цяплей будзе ў дарозе», — падумала Маша.
Да самай ночы яна з маці і сёстрамі пякла хлеб. Зараз ён, раскладзены ў спецыяльныя мяшкі, ляжыць ужо ў санях, пад сенам. Маці пайшла запрагаць каня, а Маша, пакарміўшы маленькіх сыноў, пачала апранаць іх у дальнюю дарогу. Хлеб трэба адвезці ў лес на ўмоўленае месца і перадаць партызанам. У атрадзе быў і яе брат Вася, а таксама многія аднавяскоўцы. Муж і другі брат ваявалі дзесьці на фронце.
Сыноў Маша заўсёды брала з сабой, калі выпраўлялася на заданне. Фашысты і паліцаі не чапляліся тады, не абшуквалі. Пэўна, і падумаць не маглі, што маладая маці будзе рызыкаваць жыццямі сваіх дзяцей.
Вось і цяпер на выездзе з вёскі нямецкі афіцэр толькі праводзіў іх уважлівым позіркам.
Выканаўшы заданне, Маша заўсёды заязджала да сваёй цёткі, каб не выклікаць у ворагаў ніякіх падазрэнняў.
Ехаць патрэбна было кіламетраў пятнаццаць. Дарога ішла лесам.
Ужо праехалі кіламетраў дзесяць, як дзесьці наперадзе пачуліся выбухі і стрэлы. Маладзіца спыніла каня, прыслухалася. Але вакол зноў запанавала цішыня. Толькі сумна і сцішана шумелі высокія сосны, злёгку пагойдваючы вершалінамі.
А кіламетры праз два Маша ўбачыла падбітую нямецкую машыну, ахутаную чорным дымам. Побач ляжалі забітыя фашысты. Раптам да маладзіцы даляцеў машынны гул, ён нарастаў з таго боку, куды яна накіроўвалася.
—Немцы! — разанула жахлівая здагадка. — Застануць тут — не мінаваць расправы». Жанчына штосілы тузанула лейцы, рэзка паварочваючы каня ў лес. Падганяючы лазінай каня, загадала хлопчыкам легчы тварамі ўніз.
3-за павароту паказалася машына. Заўважыўшы вазок, ворагі адкрылі бязладную страляніну.
—Но, конік, мілы! — штосілы крычала Маша.
Конь ляцеў між дрэў, падгінаючы маладзенькія хваінкі і елачкі. Голле хвастала маладзіцу па руках, твары. Але яна не звяртала ўвагі і думала аб адным: толькі б не наскочыць на пень, толькі б уратаваць сыночкаў. Варожыя кулі праляталі то збоку, то над галавой, а Маша падганяла і падганяла каня.
Неўзабаве паваліў густы, як вата, снег, засыпаючы санны след. Конь перайшоў на спакойную хаду, і Маша больш не прыспешвала яго. Хвілін праз дваццаць мяцеліца заціхла. Прыпыніўшы каня, Маша прытуліла да сябе сыноў, накрыла іх коўдрай. Тыя, быццам нічога і не здарылася, радасна ўсміхнуліся.
«Як жа перадаць партызанам хлеб?» — задумалася маладзіца. Яна тузанула каня і выехала на лясную дарогу. Маша прыняла рашэнне заехаць да цёткі, пакінуць хлопчыкаў у яе, а затым накіравацца да партызанаў.
Ды праз нейкі момант пачуўся конскі тупат. Маша азірнулася, і на яе твары засвяцілася цёплая ўсмешка. Першым сярод трох коннікаў скакаў яе брат Вася.
—Не дачакаліся цябе мае хлопцы на ўмоўленым месцы, таму і адправіўся на пошукі, — казаў ён, злазячы з каня і абдымаючы ўсіх траіх. — Баяўся, каб у лапы фашыстаў не трапілі. Завязаўшы з імі бой, нашы адступілі, сілы няроўнымі аказаліся.
Партызаны забралі хлеб і развіталіся, а Маша заспяшалася да цёткі.
I на гэты раз хлеб трапіў па прызначэнні.