Беларускія тэксты

Шурыкава крыўда

Л. Арабей

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Петрусю, старэйшаму брату Шурыка, споўнілася сем гадоў, і ён пайшоў у школу. Гэтая змена ў жыцці брата мела для Шурыка не меншае значэнне, чым для самога Петруся. Аднак калі Петрусёва жыццё стала больш шчаслівым і радасным, то жыццё ЫІурыка зрабілася зусім самотным. I не дзіва. Петрусю накуплялі сшыткаў і кніжак, вялікі набор рознакаляровых алоўкаў, а неўзабаве тата прынёс і партфель, вялікі, жоўты, з бліскучым замком і маленькім ключыкам.

Пятрусь тут жа замкнуў кніжкі і сшыткі ў партфель, ключык паклаў сабе ў кішэню, а партфель павесіў высока на цвічок і сказаў Шурыку, што калі ён хоць адным пальцам дакранецца да яго скарбаў, то… I Пятрусь паказаў кулак.

3 Петрусёвым кулаком Шурык быў знаёмы не адзін раз, калі ў час гульні браты пачыналі біцца. Але так было яшчэ да таго, як Пятрусь пайшоў у школу. Цяпер старэйшы брат амаль і не крыўдзіў малодшага, бо больш не гуляў з ім. Зараз Пятрусь проста не звяртаў на Шурыка ўвагі. Прыбягаючы са школы, хлопчык яшчэ з парога, не распранаючыся, хваліўся адзнакаю, якую атрымаў, і, наспех паабедаўшы, бег на вуліцу. Гадзіны праз дзве ён прыбягаў дадому і садзіўся рыхтаваць урокі. I гэта быў самы пакутлівы для Шурыка час.

Пятрусь раскладваў на стале ўсё сваё багацце, браў буквар і пачынаў чытаць. А Шурык пакутаваў. Яму было так цікава, як гэта з кружочкаў і палачак, што называюцца літарамі, атрымліваюцца словы, але старэйшы брат праганяў яго ад стала.

I вось аднойчы, калі Пятрусь згубіў ключык ад свайго партфеля, а Шурык, поўзаючы па падлозе на каленях, знайшоў той ключык, Пятрусь падабрэў. Ён так быў рады і ўдзячны меншаму брату за знаходку, што дазволіў яму сядзець за сталом насупраць сябе і глядзець, як ён, Пятрусь, рыхтуе ўрокі.

Радасць Шурыка была бязмежнай. Ён ціхенька, баючыся дыхнуць, сядзеў на табурэце насупраць брата і сачыў за Петрусёвым пальцам, якім той вадзіў па кнізе. А Шурык, седзячы з другога боку стала, запамінаў, як з тых рагатак, сярпоў ды вілаў, да якіх былі падобны літары, атрымліваюцца словы.

I так цяпер было кожны дзень. Пятрусь упэўніўся, што брат не перашкаджае яму, і не праганяў яго. Неўзабаве Шурык ужо ведаў шмат літар. Але паколькі кніжка заўсёды ляжала да яго дагары нагамі, то і літары ён ведаў дагары нагамі.

Між тым жаданне пачытаць самому не пакідала яго ні на хвіліну. I вось неяк раз — вось радасць! — тата паехаў у раён і прывёз адтуль Шурыку кніжку. Назаўтра Шурык цэлы дзень разглядаў малюнкі і шукаў знаёмыя літары. I вось неяк у нядзелю, калі тата і мама былі дома, Шурык вырашыў пахваліцца сваімі поспехамі. Ён узяў кніжку і пачаў чытаць.

Пятрусь адразу ж стаў смяяцца з брата, што восьтой кніжкі трымаць не ўмее, а чытаць бярэцца. Засмяяліся і тата з мамай. Шурык збянтэжана пазіраў на ўсіх. Ён чакаў, што яго пахваляць, а тут смех. Так і высветлілася, што Шурык навучыўся чытаць сам, гледзячы, як Пятрусь чытае.

Тата адразу ўсё зразумеў і сказаў, звяртаючыся да старэйшага сына, што ў школе з яго меншага брата будуць усе смяяцца, а вінаваты ў гэтым ён, Пятрусь.

Петрусю, зразумела, было б непрыемна, каб смяяліся з яго брата. Смяяцца з брата мог толькі ён сам. Петрусю стала сорамна, што ён замыкаў ад Шурыка партфель, не даваў яму нават глянуць у кніжку. Потым ён уявіў, як Шурыка выклікаюць да дошкі і просяць прачытаць, як увесь клас рагоча з яго брата.

Пятрусь глянуў на Шурыка, які стаяў з апушчанай галавой, і паабяцаў, што перавучыць яго, пакажа, як трэба чытаць усе літары.

3 таго часу старэйшы брат і меншы зноў сталі самымі блізкімі сябрамі, як былі і раней.