Язь
К. Кірэенка
«Сынок, прыязджай! Пайшоў язь», — такую кароткую тэлеграму прысылала мне маці кожнай вясною пасля таго, як я ўсталяваўся на жыхарства ў сталіцы. Гэта была яе маленькая хітрасць, каб часцей бачыць мяне каля сябе ў роднай хаце. Бо яна добра ведала: што-што, а гэтае прыемнае паведамленне адразу падыме мяне ў дарогу.
Хоць маці мая і была заўсёды праціўніцай розных негаспадарскіх заняткаў, але рыбацкае маё захапленне ўсё ж шанавала. Калі пасля яе тэлеграмы я прыязджаў у свой Гайшын, яна падрабязна пераказвала мне вясковыя рыбацкія навіны, перадавала ўсё, што чула ад суседзяў-рыбакоў і нерыбакоў. I вось я хапаў з-пад страхі арэхавую сваю вуду і кідаўся на Сож, туды, дзе (ведаў гэта і па сваіх успамінах, і па расказах маці) чакае мяне вясновы ўладар перакатаў — язь.
Язь на Сажы — рыба, пра якую ходзяць сапраўдныя легенды. I які ён бывае асілак — самыя моцныя лескі рве; і які мудры ды хітры — здалёк чуе рыбака небяспечнага і рыбака-недарэку; і які ён жартаўнік — цэлы дзень можа з прынадаю забаўляцца, а яе не возьме.
Я нічога не дадам да гэтых легендаў, а скажу толькі, што ў маім рыбацкім шчасці язю належыць найпершае месца. Неяк так здарылася, што першай вялікай рыбаю, якую мне ўдалося злавіць на сваю няхітрую дзіцячую вуду, быў якраз язь.
Гэта адбылося ў час касьбы. Стаяў ясны поўдзень. Мы раскідалі з бацькам сена, каб перасушыць пасля дажджу. «Перадых, сынок!» — сказаў, калі ўсё было зроблена, бацька і прысеў адпачыць пад лазовы куст. Я подбегам скіраваўся да Сажа: там, на беразе, ляжала ў траве прыхаваная мною вуда. За якую хвіліну налавіў цэлую жменю конікаў. Кручок быў велікаваты — ну што ж, конікаў хапала, я насадзіў іх на кручок, можа, не менш чым паўдзясятка і, прымасціўшыся за лазовым кустом, кінуў у ваду. Не паспеў я і апамятацца, як у тым месцы, куды ўпалі конікі, паверхня вады ўзбурлілася шырокім кругам. I ў той жа момант леска наструнілася і ціха зазвінела. Перапалохаўшыся, я стаў цягнуць вуду на сябе і тут зразумеў, што на кручку сядзіць нешта дужа вялізнае.
Потым, калі чалавек становіцца вопытным рыбаком, ён усё разглядае падрабязна: як рыба брала, як ён падсякаў, як цягнуў і, што часта бывае, чаму не выцягнуў. А ў навічка ўсё адбываецца па-божаму наіўна. Я не ведаю, як выводзіў таго першага свайго язя, але добра памятаю, што ўвесь быў перапэцканы рачным ілам, калі ў руках маіх нарэшце апынулася ладная серабрыстая рыбіна.
Самі разумееце, што са мной рабілася: забыўшыся пра ўсё на свеце, я з той рыбінаю кінуўся да бацькі. I, мусіць, нешта крычаў, бо ён, устрывожаны, ужо хутка бег мне насустрач.
«А братачка ты мой! Язь! — сказаў бацька. — Няўжо сам? От рыбалоў! От рыбалоў!»
Пасля гэтага выпадку і бацька, які сам не любіў займацца рыбалкай, але дужа любіў пабываць на прыродзе, часта хадзіў са мной на Сож.